Беларускі мужчынскі хор «Касары» быў створаны восенню 2023 года ў Варшаве ў межах студыі мужчынскіх спеваў. Яны не толькі выконваюць народныя песні, але і нясуць важную культурную місію — захаваць унікальную традыцыю мужчынскіх спеваў.
Беларускі мужчынскі хор «Касары»
Удзельнікі гурта «Касары» (гэта ў пераважнай большасці аматары, не прафесійныя музыканты) хоць і пазнаёміліся толькі пад канец 2023 года, але ўжо паспелі выступіць на розных пляцоўках ды нават праспявалі на прыёме ў прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды.
А пачыналася ўсё з курсаў традыцыйных мужчынскіх спеваў, якія ў Варшаве ладзіў вядомы беларускі музыкант Сяргей Доўгушаў. І гэтак з’явіўся новы беларускі калектыў, які працягвае ўнікальную і амаль забытую традыцыю мужчынскага спеву, гаворыць стваральнік гурта «Касары» Сяргей Доўгушаў.
«Я праводзіў студыю мужчынскіх спеваў, пачыналася ўсё гэта ў Варшаве. Прыходзілі хлопцы, якія хацелі спяваць, цікавіліся фальклорам. Мы спяваем беларускія народныя мужчынскія песні: ваярскія, бяседныя, лірычныя, касарскія і валачобныя. Ад таго ж і назва «Касары» — ад касарскіх песняў… Касары, касцы… Ёсць песня нават «Касары косяць, а вецер павівае». Цягам гэтага часу мы ўжо далі некалькі сольных канцэртаў у розных гарадах Польшчы, зладзілі Валачобны абрад і рыхтуемся запісаць новы альбом, у якім будуць прадстаўленыя розныя жанры беларускай мужчынскай песні: ад ваярскіх да лірычных», — сказаў Сяргей Доўгушаў.
Канцэрты хору «Касары», іх вулічныя імправізацыі і ўдзел у розных культурных мерапрыемствах у Польшчы спрыяюць таму, каб беларуская культура не знікала, а знаходзіла новыя формы і слухачоў.
З удзельнікамі гурта размаўляла Анна Пятроўская.
слухайце аўдыёфайл